Белорусский поэт Янка Купала: лирика, творчество, поэзия.

Маё цярпенне
Янка Купала
Маё цярпенне, мой крывавы боль –
Што значаць перад мукамі мільёнаў,
Дзе безнадзейны стогны родзяць стогны,
А слёзы грызуць вочы ўсім, як соль!

Хоць дух мой ўзносіцца пад неба столь, –
Як галавой аб мур, там б'е паклоны.
Але як мал мой гэты ўздых шалёны...
Мой крык перад малітвай свету – ноль!

І веру я, што я нішто ў быцці –
Іначай думаць не дае сумленне, –
Аднак чаму ж здаецца мне нязменне,
Што меж майму цярпенню не знайсці,
Што так вяліка мне яно ў жыцці,
Як міліёнаў разам ўсіх цярпенне!

З думак жабрака
Янка Купала
Я чалавечак жабрачай натуры —
Жыць не судзілі іначай багі.
З выгляду важан я: косці ды скура,
Не далічуся рукі і нагі.

Важка іду ад парога к парогу,
Спора акрайцаў у зрэбным мяху;
На чалавечую добру ўспамогу
Мушу я меці надзеі крыху.

У дабрадзеяў або ў дабрадзеек
Грошы не смею шмат вельмі прасіць.
Дайце мне толечы колькі капеек,
Каб мог сабе я вяроўку купіць.

Рэшту прыладаў сабе сам дастану —
Ў лесе асіну ці дзе які слуп...
Ці ж не пацеха пані і пану
Бачыць, як нейкі ўскалышацца труп?!

Глянеш, і воку аж робіцца міла!
Жыў вось людзіна і шчасця дарос,
Братняе сэрцайка штось ды зрабіла,
Хоць і не так мо, як баіў Хрыстос.

А яна...
Янка Купала
Гэткім шчырым каханьнем яе атуліў,
З гэткай ласкай глядзеў ў яе сумныя вочы, –
Як і сонца ня туліць расквечаных ніў,
Як і зоры людзям не ўглядаюцца ўночы!

Так пясьціў, так галубіў галубку, яе,
Так цяпліў сваім сэрцам сірочым ёй грудзі, –
Як і маці ня песьціць дзіцё – як спаўе,
Як і вогнішча зьзябнутых грэці ня будзе!

Столькі песень над песьнямі ёй я напеў,
Столькі думак злажыў аб ёй важных, таёмных, –
Як і бор гэтак зь ветрам шумець не шумеў,
Як і век гэткіх дум не злажыў для патомных!

Гэткі ў сэрцы сваім збудаваў ёй пасад
I такую ўзлажыў ёй з каханьня карону, –
Як і неба зь зямлёю, на Божы загад,
Не прыдбаюць такіх ні кароны, ні трону!

Так уславіў яе ў славу сонца і зор,
Так маліўся дзень-ноч к ёй мальбою нябёсаў, –
Як і мудрасьць ня ўславіць ўсясьвету прастор,
Як і каня ня моліцца ўлетку да росаў!

Утварыў зь яе шчасьце з-над шчасьцяў сваё –
Чарадзейную княжну з аповесьці дзіўнай,
I пад ногі ёй кінуў жыцьцё сваё ўсё...
А яна?.. А яна была толькі... дзяўчына!..

Як спытаюцца нас
Янка Купала
Прыйдуць людзі з Усходу,
Прыйдуць з Захаду людзі
I спытаюцца нас:
«Скуль, якога вы роду?
Дзе зямля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас?»

Мы ля плоту, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут адказ,
I адкажам: «Э, што там...
Мусіць, бабскім звычаем
Збегла ўпрочкі на час».

А ты, сіраціна...
Янка Купала
...А ты, сіраціна, жыві,
Як ветрам лісток адарваны, –
Ні месца табе на зямлі,
Ні радасці з песень жаданай,

Нясі сваю ношку жыцця
Між наспаў-курганаў магільных,
Без веры ў свой цэль, без пуцця,
Расплаканы ў жальбах бяссільных.

Як цень з таго свету, ідзі,
Не знаючы ў долі сірочай
Ні сэрца з дзявочай грудзі,
Ні сонечнай ласкі дзявочай.

Жыві і сні сны аб вясне,
Ды думай адно, сіраціна.
Што нават ніхто не ўздыхне
Калісь над тваёй дамавінай.

У ночным царстве
Янка Купала
Скрыпяць трухляцінай асіны,
Над курганамі звяр'ё вые...
Гасцінцам, церневай пуцінай,
У ёрмах, скованы, скацінай
Ідуць нябожчыкі жывыя.

Ідуць, ідуць... Сярод пустыні
Хрусцяць надломаныя косці,
I качанеюць ногі ў ціне,
I чахнуць вочы ў павуціне,
А шлях — як точаныя восці.

Перад вачамі глуш нямая,
I плач, і скрогат за вачамі;
Пракляцце ў жылах кроў сцінае,
Душу бяссілле вынімае,
Гняце змяінымі кляшчамі.

У грудзі, здаўленыя здрадай,
Упіўшысь, рабская трывога
Шыпіць хаўтурнаю загладай;
На небе толькі, як прынада,
Бялее млечная дарога.

То там, то сям запаланее
Іскра над скованаю шыяй;
Наскоча пошасць трупавея, —
I царства ночнае шалее,
Над курганамі звяр'ё вые.

Песня
Янка Купала
Гнаны Янка доляй,
Змушаны патрэбай
Цягне ў места дровы,
Каб купіці хлеба.

А дзе кісне пуня
Панская старая,
Прэцца Янукова
Жонка маладая.

П'е мужык на рынку
Барышы за дровы,
А паніч гуляе
З жонкай мужыковай.

Накупіў за дровы
Янка хлеба, солі
I вясло баранкаў
Для сваёй Антолі.

I гасцінцам дома
Жонку ён частуе,
Паніча з палаца
У руку цалуе.

Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея...
Янка Купала
Гэй ты, дзяўчына, кветка-лілея,
Вольная птушка сумнай зямліцы!
Сееш ты слёзы, думак уроду,
Слёзы-брыльянты яснай крыніцы.

Буйнай расіцай сыплюцца, льюцца,
Ніву багацяць... а што за жніва?!
Крыўда іх топча, гора марозіць,
Ведзьма-насмешка п'е іх лапчыва.

Суд негадзівы жаласць-гадзюка
Судзіць над шчырай слёзаў малітвай, —
Розум бязбожны над сэрцам слёзаў
Поўніць чын ката точанай брытвай.

Зорка, што бітвы й згоды варожыць
З неба нямога гэтаму свету,
Толькі яна йшчэ іх не пакрыўдзіць,
Слёзы атуліць у промень прывету.

Ды што планеты гэтай аковы
Скінуў і воляй вечнай маяча,
Дух такі вольны вольнага духа
Пойме і так жа ўкрадкам заплача.

Чым хата багата
Янка Купала
Усяго пакрысе
Знойдзеце вы гэта, —
Пры сасе, пры касе
Сабрана за лета.

Шчырым сэрцам, душой
Складана няхітра,
Знама — свой, не з якой
Там «звёздкай» ці мітрай.

Што-нібудзь мо не так —
Прашу прабачэння;
Трудна ў рыхт — часу брак,
Мазаліста жменя.

Мо і радасць тут — госць,
Больш нуды праклятай;
Вось бярыце, што ёсць,
Чым хата багата.

Што у думках я меў,
Кепска даць не браўся,
Хоць, як скованы леў,
Туды-сюды рваўся...

Людзі мруць, а ўсё ждуць
Багатшай уроды,
Мо і к нам прыбягуць
Шчаснейшыя годы.

О, тады сноп у сноп
Жніва наша будзе...
Сотня коп, мільён коп...
Дзівуйцеся, людзі!

А цяпер, што цяпер? —
Бывайце здаровы!
Чэсці дайце прымер
Для радзімых словаў.

Русалка
Янка Купала
Дайце галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!
Вы яе гналі, вы яе мучылі,
Дайце ж хоць сцежку беднай к галіне.

Дайце, як следна, з ветрам нацешыцца
Вольна, прывольна ў тайнай мясціне;
Стуль, каб ёй болей не надакучылі,
Скочыць з галіны, скрыецца ў ціне.

Ў ціне, як бледны месяц засвеціцца,
Будзе русалка плаваць, круціцца;
К ёй вадзянік там збліжыцца сватацца,
Выйдзе і сядзе з ёй над крыніцай.

I лесавік к ім выпаўзе братацца
З пушчы махнатай, сам весь кудлаты.
Шлюб неразлучны дасць ім, малодзенькім,
Зграе вяселле вецер крылаты.

Пойдзе гульня у іх мёдам салодзенькім,
Развесяляцца, чары завесяць;
Вецер, лясун, русалка з вадзянікам,
Пушча, крыніца, ночка і месяц

Казку аставяць дзіўную згнаннікам.
Страх баязлівым кожны з іх кіне;
Сум маўчалівы там раскудзесіцца,
Песню аб гэтай зложыць мясціне.

Дайце ж галінку, дайце павесіцца
Гэтай русалцы, гэтай дзяўчыне!.

Перад ночкай
Янка Купала
Змеркла. Цёмнасць агні пале
Ў зорак грамадзе:
Тайнасць жудкая — гэт, здаля
Ў свет ідзе, ідзе.

Дагарэла ўжо лучынка,
Спачываці час!
«Добрай ночы» спей, дзяўчьшка,
Спей хоць раз, хоць раз!

Запей нотай, сэрцу блізкай,
Аб долі маей,
Быццам маці над калыскай,
Ты запей, запей!

Пей пацехай, пей разгульна,
Душы не скупі;
Мае думкі, жаль няўтульны
Ты прыспі, прыспі!

Спеўшы песню, ўціхамоўку,
Без трывог ані —
На плячо мне звесь галоўку
I засні, засні!

Цемнатой нас ночка скрые
Ад злосці людской;
Будзем сніці залатыя
Сны з табой, з табой!..

Ігнату Буйніцкаму
Янка Купала
Важна рэй Ігнат Буйніцкі
Ў танцах нашых водзіць,
Аж здаецца – усё чыста
Хадыром з ім ходзіць.

Калі пусціцца скакаці, –
Ажна сэрца скача;
Лепшых танцаў і ўвесь Піцер
Бадай што не бачыў.

Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,
«Мельнік», ці «Антошка», –
Ўсё ў яго сыходзіць гладка,
Не змыліць ні трошка.

Пад дуду і пад цымбалы
Топне, прыспявае...
Сцеражыцеся, ўсе людзі:
Беларус гуляе!

Не ўнімайся ж і скачы нам,
Покі сілы хваціць,
Мо пачнуць і думкі нашы
Весялей скакаці!